Новости, обзоры и акции
Новости, обзоры и акции
24 і 25 снежня - Калядны маркет "Прастора Добрых Падарункаў"
Шаноўныя сябры!
24 і 25 снежня ў некалькіх кроках ад галоўнай Ялінкі краіны пройдзе Калядны маркет "Прастора Добрых Падарункаў"!
Зусім побач з Палацам Рэспублікі ў самым цэнтры сталіцы — у гандлёвым цэнтры "Купалаўскі" — на працягу двух дзён з 11.00 да 19.00 пройдзе маштабны пераднавагодні кірмаш з Беларускай Душой!

Акрамя уласна гандлёвай часткі вас чакаюць літаратурна-музычная і забаўляльная праграмы, значны акцэнт у якіх будзе зроблены на дзетак — пачастункі, забавы і гульні, фотазона, майстар класы ад майстроў-рамеснікаў, настольныя гульні, вершы і песні для дзетак, а таксама магчымасць набыць адметныя і запамінальныя падарункі!
У літаратурнай праграме — выступы вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, аўтограф-сесіі і прэзентацыі кніг.
У музычнай праграме — выступы вядомых беларускіх бардаў, музыкаў і калектываў.
У межах Каляднага маркету "Прастора Добрых Падарункаў" мы збіраем для вас усё самае лепшае, што зроблена беларусамі і для беларусаў — не забываючы, вядома, і пра нашых гасцей! Паколькі месца правядзення кірмашу знаходзіцца ў самым цэнтры сталіцы на скрыжаванні ўсіх турыстычных маршрутаў, а час — неверагодны калядны і пераднавагодні, мы адмыслова рыхтуем праграму нашага свята так, каб кожны знайшоў у ім для сябе штосьці цікавае!
Распачнём святкаваць каляды разам з Калядным маркетам "Прастора Добрых Падарункаў"!
Уваход на ўсе мерапрыемствы Каляднага маркету "Прастора Добрых Падарункаў" вольны!
Чакаем усіх са святочным настроем і жаданнем дарыць і прымаць у падарунак усмешкі!
Для тых, хто жадае прадставіць у межах Каляднага маркету "Прастора Добрых Падарункаў" свае брэнды, рамесніцкія вырабы і прыняць удзел у якасці гандляроў — кантакты каардынатара кірмашовай зоны: Анастасія Скалабан, +375-29-106-21-06, as@prastora.by
Месца правядзення Каляднага маркету "Прастора Добрых Падарункаў" — ГЦ "Купалаўскі", той самы, які знаходзіцца на скрыжаванні двух цэнтральных станцыяў метро "Купалаўская" і "Кастрычніцкая".
Калі казаць абсалютна дакладна, гандлёвы цэнтр "Купалаўскі" знаходзіцца непасрэдна пад Кастрычнікцаю плошчаю, на якой стаіць Палац Рэспублікі і размешчаны памятны знак "Пачатак дарог Беларусі", які многім вядомы як "Нулявы кіламетр". Гандлёвы цэнтр "Купалаўскі" мае два ўваходы, з аднаго боку зайсці ў яго можна адразу са станцыі метро "Кастрычніцкая", з другога — уваход адразу каля Палацу культуры прафсаюзаў (праз падземны пераход пад праспектам Незалежнасці, які таксама з’яўляецца ўваходам у станцыю метро "Кастрычніцкая").

ГЦ "Купалаўскі" па праву можна лічыць самым "цэнтральным" гандлёвым цэнтрам сталіцы. Акрамя зручнага даезду на метро, прыехаць да яго таксама можна сотым маршрутам аўтобуса (пасажыры якога, дарэчы, ужо пэўны час бавяць свае паездкі, бачачы рэкламныя ролікі Каляднага маркету "Прастора Добрых Падарункаў"!:)) і тузінам маршрутак. Бясплатная паркоўка для аўтамабіляў уздоўж вуліцы Энгельса побач з Палацам Рэспублікі, платная паркоўка за Палацам Рэспублікі, заезд на якую арганізаваны з боку вуліцы Інтэрнацыянальная.

Умовы для гандляроў, рамеснікаў і тых, хто хоча прадставіць у межах Каляднага маркету "Прастора Добрых Падарункаў" свае вырабы або іншую цікавую прадукцыю і адметныя беларускія брэнды мы таксама зрабілі максімальна даступнымі. Таму кошт аднаго гандлёвага месца плошчаю 1,5 квадратныя метры складае ўсяго 20 беларускіх рублёў без абсталявання і 30 беларускіх рублёў з абсталяваннем (стол і крэсла) за два дні, кантакты каардынатара кірмашовай зоны: Анастасія Скалабан, +375-29-106-21-06, as@prastora.by
Перавага сярод майстроў і рамеснікаў надаецца тым, чыя прадукцыя адпавядае зместу і тэматыцы мерапрыемства, а таксама тым, хто прадставіць фота сваіх прац або спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, профілі і суполкі ў сацыяльных сетках ды іншыя матэрыялы, на якіх дэманструецца вашая прадукцыя. Матэрыялы просьба дасылаць на емэйл as@prastora.by з пазнакаю "Для ўдзелу ў Калядным маркеце ПДП".
Па іншых пытаннях, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем Каляднага маркету "Прастора Добрых Падарункаў" — такіх як удзел у творчай частцы, прапановы супрацы, інфармацыйнага партнёрства ды іншыя — просьба звяртацца да кіраўніка праекту Міхася Башуры (+375-29-856-42-01, +375-29-652-00-72, paperus@prastora.by).
Тым, хто памятае "Дні Вышыванкі", а таксама насычанае "Свята Роднай Мовы", якое мы зрабілі разам з камандаю "Арт-Сядзібы", не трэба доўга тлумачыць асаблівую атмасферу такіх мерапрыемстваў. Для тых жа, хто на іх пакуль яшчэ ні разу не быў, або ўжо паспеў забыцца, мы падрыхтавалі невялічкую падборку фотаздымкаў. Ну а за астатнім — прыходзьце на Калядны маркет "Прастора Добрых Падарункаў" 24 і 25 снежня ў гандлёвы цэнтр "Купалаўскі"!























