График работы: 

ПН-ПТ 08:30-17:00

СБ-ВС выходной

Каталог товаров

Интернет-магазин Metabud.by принял участие в благотворительной акции "Дорым радасць!"

30.03.2018
Сацыяльна-культурная ўстанова «МоцАрт» і культурніцкая пляцоўка «Прастора Бай» 23 сакавіка прывезлі вучням мінскай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку пазнавальныя, забаўляльныя і салодкія падарункі ў межах дабрачыннай акцыі «Дорым радасць!».

188.jpg

  Школьнікі атрымалі ў падарунак беларускую класіку – творы Коласа, Купалы, Багдановіча, Караткевіча, Мележа, Янкі Маўра ды іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама беларускія казкі і песні – у аўдыёфармаце. Гэтыя аўдыёкнігі выпусціла кампанія «Прастора Бай». Акрамя дабрачыннасці акцыя “Дорым радасць!” мае на мэце пашырэнне беларускай мовы, літаратуры і культуры. У гэтым сутнасць дзейнасці ўстановы «МоцАрт», якая спалучае інклюзію людзей з інваліднасцю з пашырэннем беларускай культуры. Нагадаем: самы значны на дадзены момант праект установы “МоцАрт” – праект “Бязмежнае кіно” – аўдыёдэскрыпцыя (адаптацыя кінафільмаў для людзей з парушэннямі зроку) залатой класікі «Беларусьфільма».

– Аўдыёкнігі гэтым дзецям асабліва патрэбныя, бо шмат хто з іх не бачыць, – адзначае дырэктар «МоцАрта» Алесь Калоша. – Не меней важны падарунак – выступленне ваяра і дудара. Гэта наша, беларускае, гэта спрадвечнае. Мы запрасілі артыстаў, якія змаглі падарыць тактыльныя ўражанні. І невідушчыя дзеткі змаглі «пабачыць рукамі» зброю і даспехі, дуду і бубен. Дзеці пазнаюць свет, беларускую гісторыю, беларускую музыку – гэта класна. Пачынаюцца канікулы, гэтае мерапрыемства стала своеасаблівым святочным фіналам чвэрці.

Калі дзеці чуюць, што вага сярэднявечных даспехаў, рэканструкцыя якіх перад імі, болей за 45 кг, адкрываюць раты ад здзіўлення. Юры Усціновіч, гісторык і адзін з заснавальнікаў руху гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі, правярае меч на трываласць і гнуткасць, і хлопцы ўжо прымерваюцца, як бы біліся такім з ворагам… Але праўду кажуць, няма ў кампаніі чалавека, каштоўнейшага за дудара: як зайграе – душа і ў бой, і ў скокі. Дзеці пляскаюць у далоні, прытопваюць у такт, падахвочваючы сябе і музыку-гарэзу Яўгена Барышнікава: яшчэ! Але кожны з іх чакае хвіліны, калі дазволяць падбегчы да блішчастага металу, дакрануцца, надзець шлем, праверыць, ці востры меч. Можа, дазволяць патрымаць у руках? А яшчэ паспрабаваць самому падзьмуць у дуду. І сціснуць мех. Праўда, чамусьці дуда не грае, а толькі пішчыць. Ды й каб справіцца з мехам кашы трэба пад’есці паболей.

– Не кожны дарослы можа надзьмуць дуду, каб яна яшчэ нейкія гукі выдавала. А дзяўчынка сёння змагла – флейцістка, трошку была б прасцейшая дуда, яна б на ёй ужо грала, – ледзьве вырываецца са шчыльнага кола школьнікаў сябра нефармальнага Дударскага клуба і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Яўген Барышнікаў. – Дзеці паўсюль аднолькавыя. Недаверлівыя. Юрасю кажуць: не з жалеза даспех, у вас несапраўднае ўсё! І іх вельмі важна выцягваць з такога стану, даваць паспрабаваць, дакрануцца. Яны спрабуюць жыццё навобмацак, на смак, на дотык – усё правільна робяць. Гэта цікаўнасць да асветы, якую трэба задавольваць.

Спіс людзей, якія дапамаглі правесці акцыю, немалы. Адзін з іх – заснавальнік ТАА «Кампанія ІТЦ» i інтэрнэт крамы «Metabud.by», што займаецца продажам сеткі, платоў і спецвопраткі, Валер Павідайка.

– Усе мы – удзельнікі такой сяброўскай суполкі бізнесменаў, якія падтрымліваюць беларушчыну. Больш за пяць гадоў як мы разам з «Прасторай Бай», а цяпер і з «МоцАртам» робім розныя акцыі. Я не скажу, што неяк па-асабліваму адношуся да людзей з інваліднасцю, гэта для мяне звычайныя людзі. Галоўнае, чалавеку ў жыцці трэба стварыць такія ўмовы, у якіх ён будзе сябе забяспечваць. Чаму для мяне важна ўдзельнічаць у такой дабрачыннай справе? У кожнага ёсць жаданне, каб добра было не толькі яму, але і другім людзям. Калі вы бачыце штосьці добра зробленае, усмешкі на тварах бачыце, ад гэтага элементарна прыемна.

А нам прыемна паведаміць, што арганізатары маюць намер дарыць радасць рэгулярна. Наступнае мерапрыемства ў Маладзечанскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку ў сярэдзіне красавіка. Сацыяльна-культурная ўстанова «МоцАрт» таксама плануе акцыі і для іншых дзетак, якія маюць праблемы са здароўем.

Кіраўнік кампаніі «Прастора Бай» Алесь Квіткевіч кажа, што ён і яго прадпрыемства наколькі змогуць будуць падтрымліваць такія ініцыятывы.

– Для нас важна, каб беларуская культура пашыралася, прыходзячы ў тым ліку туды, дзе яе раней не было. Або была, але не ў такім аб’ёме, як бы нам усім хацелася. Гэта справа адраджэння Бацькаўшчыны, яна няхуткая, аднак плён гэтых намаганняў і тых «зярнятак», якія ўдаецца засеяць сёння, мы абавязкова пабачым заўтра, я ў гэтым упэўнены.
Хочацца верыць, што годная ініцыятыва ўстановы «МоцАрт» і культурніцкай пляцоўкі «Прастора Бай» займее добры працяг.

Прабачце, мы ж так і не адказалі, як дуда можа гучаць 20 хвілін, ні на секунду не прыпыняючыся! Можа і даўжэй. Дзякуючы меху, які дудар надзімае, а сціскаючы яго, выдае мелодыю.

Сацыяльна-культурная ўстанова «МоцАрт» выказвае шчырую падзяку людзям і кампаніям, дзякуючы якім стала магчымай дабрачынная акцыя «Дорым радасць!»:
кампаніі «Прастора Бай» і асабіста Алесю Квіткевічу і Міхасю Башуру,
Юрыю Усціновічу,
Яўгену Барышнікаву,
Вераніцы Квіткевіч,
Наталлі Персан,
кампаніі «ФітаГоР» і асабіста Андрэю Рымшу,
Алегу Рагімаву і Вадзіму Лабковічу,
Магілёўскаму турыстычнаму бюро «Магелан» і асабіста Алегу Мяцеліцу,
кампаніі «Фомар» і асабіста Вячаславу Бруйку,
кампаніі Zavadatar і асабіста Сяргею Мілюкову,
кампаніі ІТЦ і асабіста Валеру Павідайку,
Мікалаю Серафімовічу,
кампаніі «Лідарінвест» і асабіста Мікалаю Любіну,
Раману Шыку,
Аляксандру Валодзіну,
салону друку «КапірФілд» і асабіста Мікалаю Арцюхову,
дабрачыннаму фонду «Вяртанне»,
кампаніі «Уласава, Міхель і Партнёры» і асабіста Ліліі Уласавай,
кампаніі «СВІАТ» і асабіста Віктару Піліпенку,
Мікалаю Зайкіну,
кампаніі «Табак-інвест» і асабіста Паўлу Тапузідзісу,
Вячаславу Гулевічу,
кампаніі BELLIS і асабіста Юрыю Пашыку.

Юлія ЛАЎРАНКОВА, выданне "Вместе".



Все новости